Па засяроджаных кольцах пня Стану гадаць пра леты, якія сплылі, Пра зімы, якія расталі, А па люстэрках – пра тое, хто я... Усё, што зь люстэркаў ідзе да мяне насустрач, Прыходзіць насупраць, Усё, што знаходзіцца праваруч, Апынаецца леваруч, І тое, што ёсьць адно, Становіцца тым, чаго шмат. Увасабляюся – у люстэрках, Мяняюся – у люстэрках, Распазнаю па люстэрках, дзе праўда, дзе крыўда, Дзе цемра, а дзе сьвятло... Цемра – найбольшае адасабленьне: У ёй нічога няма. Сьвятло – найбольшае ўвасабленьне: У ім ёсьць усё. Я сустракаю ў люстэрках знаёмых і незнаёмых людзей, Я сустракаю ў люстэрках птушак, вужак, жывёлін, Я сустракаю ў люстэрках нажы і ружы – І ўсе яны маюць штось да мяне. – Ты яшчэ ані разу не бачыў сябе, – запэўніваюць яны. – Заўсёды і ўсюды ты бачыш адно толькі нас – Свае шматаблічныя адлюстраваньні... Няўжо безь люстэркаў думка не ведае, Што падумаць, позірк – куды паглядзець, Дарога – куды падацца, жыцьцё – як жыць?!. Некалі, вырваўшыся ў наступнасьць, Туды, дзе мяне няма, Убачу далёкую постаць, Якая блукае сярод люстэркаў І намагаецца ў адлюстраваньнях кагосьці знайсьці.
|
|