Вісьне скарга уздоўж Нёмна, Беларусі сына. Як ты бедна, як ты цёмна, Родная краіна! Зьбіты ў кучу твае вёскі, Стрэхі ў дол уходзяць. Смутнай песьні адгалоскі Лес, курганы родзяць. Крыж збуцьвелы, знак пакуты, Тут і там чарнее. Даль паўнютка ціхай смуты – Жаль на душу вее! Ўсё ў табе, мой родны краю, Апавіта горам: I той вецер, што дзьме з гаю, Што шуміць над борам; Тыя песьні, што на полі Жнеі запяваюць; Тыя думкі, што да болю Сэрца калыхаюць. Ва мне смутак, гора гэта Водгульле знаходзіць, Сэрца, жалем абагрэта, Песьні смутку родзіць. Няхай плачам у тэй далі Песьня разальецца, Каб усе на сьвеце зналі, Як нам тут жывецца.
|
|