РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Я жыву
Вільготны змрок спаўзае на лугі,
I гасьне захаду журботная усьмешка.
      Паволі ноч у полагу смугі
      Зямлі і неба засьціць берагі
І туліцца ў траве зьнямелага узьмежка.
 
      Так боязна зьнікае краявід,
Хаваецца ў імгле пад наміткай цямранай
      Разложыстых дубоў шырокі шчыт
      Маўлівасьцю трывожна апавіт,
I вее парнасьцю над стомленай палянай.
 
      Прыцішыўся спалохана абшар,
I толькі птушка дзесь скаголіць на балоце.
      А з поўдзеня ўстае грамада хмар,
      Паблісквае клубясты іх гушчар,
Гарыць і грозіцца ў агністай пазалоце.
 
      Такі спакой вакол, і трудна мне
Адвесьці зрок ад хмар, дзе ўспыхваюць зарніцы
      Як быццам там, у нейкім цёмным дне,
      Хтось збудзіцца на міг, на сьвет зірне
Прываблівым узьлётам таямніцы.
 
      Я зачарованы маўчу, стаю
У чарах цішыні і чарамі сагрэты,
      I ў тон адзін зь зямлёю я пяю,
      I кожны міг сябе я пазнаю
Часьцінкай зьлітаю вялікага сусьвету.
 
1937 г.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.