Стукі, стук, стук, малаток! Кляпі коску, мужычок, Кляпі востранька сваю, А я песеньку сьпяю. Гоп, гоп, гоп! Я табе сьпяю. Быў даўней народ хітрэй, Ня знаў стрэльбаў, дык аей! Коскі шаблямі былі, Ваяваць зь імі ішлі. Гоп, гоп, гоп! Ваяваць ішлі. Касу ў шыйцы адагне, I насадзіць, і махне; Сьмерць таму, хто не сышоў: Касой рэзалі ўрагоў. Гоп, гоп, гоп! Рэзалі ўрагоў. I гарматаў быў ня страх, Грамада вялікі гмах: Адзін ляжа, сто ідзе, А хто ж роўны грамадзе?! Гоп, гоп, гоп! Роўны грамадзе?! Дык і ты касу вастры, I так хутка – раз, два, тры! Ідзі зь ёю на вайну, А я йначай пець пачну. Гоп, гоп, гоп! Пець інакш пачну. На вайну з травой ідзі, Касі гладзенька, глядзі! Перуны, грымоты б’юць, – Ты касі, адважным будзь, Гоп, гоп, гоп! Ты адважным будзь. Пяюць птушкі пад вакном, Лепшай долі даўно жджом... Ну, досьць коску ўжо кляпаць, Час з калодкі уставаць. Гоп, гоп, гоп! Час ужо ўставаць!
[1907]
|
|