РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Традыцыі
Традыцый многа павялося.
Між іншых я люблю адну,
Калі – ці то зімой, ці ўвосень –
Сусед суседа шчыра просіць
На навіну,
                      на сьвежыну.
 
...Увосень пахнуць караваі,
Гарой – пшанічныя бліны.
З жытнёвай шчырай бутлі з краю,
У коптур зельле наліваюць –
У кубел зычаць спарыны.
 
Зімой агонь палае ярка:
Памінкі правяць кабану.
Страляюць вугалі, агаркі.
Патэльню угінаюць скваркі –
З цыбуляй смажаць сьвежыну.
 
Цячэ размова ціхай рэчкай.
Сьмяецца радасьць за сталом.
Забыліся ўсе крыўды, спрэчкі.
Пра перапёлчына гнязьдзечка
Пяюць. Жадаюць шчасьця ў дом.
 
Хай багацеюць!
Хай жа ў зьміры
Усе суседзі без нуды
Жывуць, ня сварацца задзіры.
Адзін другога просяць шчыра
Няхай на сьвежыну заўжды!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.