РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Калыска
Зямля – калыска розуму, але  
нельга вечна жыць у калысцы.
К. Цыялкоўскі
Неба сінім навісла полагам.
Шчыры дзякуй табе, калыска!
Не ўзрасьціла ты семя кволага,
Не прыземліла мары нізка.
 
Полаг вышыт Шляхамі Млечнымі.
Сонца – забаўка ў аблачынках.
Незямныя нам раны залечвала
Ты – сусьвету ўсяго пясчынка.
 
Абгароджаная Карпатамі
I спавітая ў Гімалаі,
Як далонь чалавека, шурпатая,
Чалавеку ты ўжо малая.
 
I калі мы шляхамі арлінымі
Паляцім да планет насьцярожаных, –
Ты, прапахлая кменам і глінаю,
Будзеш зоркаю наддарожнаю.
 
Нават космас сівы перайначым мы.
Толькі сум па Зямлі агорне:
Там жаўрук кроплю сонца гарачую
Аж да восені студзіць у горле.
 
Крумкачы па-над борам крумкаюць,
На лугах мурава густая,
Жарабя цягне траўку хрумсткую,
I малога ў бакі хістае.
 
У туманнасьцях ускалмачаных,
Дзе касьмічныя завірухі,
Нам прыпомняцца рукі матчыны,
Што люлялі калыску, рукі.
 
Тыя добрыя рукі першымі
Ад зямлі нас паднялі ўгору:
– Глянь, сыночак, стагі завершаны...
Глянь, плывуць журавы над борам...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.