РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Вучыся...
Вучыся, нябожа, вучэньне паможа
Змагацца зь нядоляй, зь няволяй...
Што мучыць сягоньня, што думкі трывожа, –
Зьбяжыць і ня прыйдзе ніколі.
 
Жаль згіне, як мара; ня будзеш няздарай,
Нідзе і ні ў чым не заблудзіш;
Ты праўду ў няпраўдзе, як сонца між хмараў,
Спазнаеш, раз цёмен ня будзеш.
 
Такая прынука, як труд і навука,
Ці ж можа нам сіл не дадаці?
З такімі сябрамі, знай, будзе ня штука
I гора сваё зваяваці.
 
Паўнейшай адрынка, сыцейшай скацінка,
Ой, будзе – а толькі вазьміся!..
I знойдзецца ў працы аддыхі часінка,
I ў крыўду ўрагом не дасіся.
 
Крыўдзіцеляў зможаш, сьлед вечны праложыш
I к долі, і к волі, і к славе...
Адно ты прачніся, вучыся, як можаш,
Ці дома, ці на школьнай лаве.
 
Ўсе людзі значэньне пазналі вучэньня,
Адзін толькі ты ані дбаеш!
Цямней, беларусе, ад ночкі асеньняй,
I шчасьце ж такое ты маеш...
 
[1907]
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.