РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Палеглым
Дзень гас цьмяным агнём прыкручанай газьніцы...
Асеньні раньні змрок папоўз, кладзецца ніцма
на бурае лісьцё, на мох руды...
                                                                  Глядзі –
бляшанай конаўкай, прыпаўшы да крыніцы,
сьцюдзёную ваду п’е прагна маладзік.
Іду паволі ў змрок насустрач першым зорам...
Над пусткаю палёў атрад варонаў чорных
узьняўся, завірыў...
                                          Цяпер ім слаўна жыць!
Яшчэ часіна – й ноч у сетку цемры згорне
мяне і іх, і хвой зламаныя крыжы...
А ўсюды –
                        тут і там – ня хвояў верхавіны,
ня спаленыя пні – ваенным днём даніны –
запраўдныя крыжы растуць уздоўж дарог.
Пад крыжам, без крыжа, падцятаю галінай
на жорсткі, гойстры жвір спаць ці адзін прылёг...
Зьмяшалася зь пяском чупрына маладая,
боль выпіў сінь вачэй і сьвежых вуснаў кроў.
Васковаю сьвячой над імі восень тае,
і сьніць
                адзін пра Рэйн, а іншы – пра Дняпро.
Ня рупіць іх нішто... Жахлівыя змаганьні,
магутны чар вайны, крывавыя сьвітаньні
больш не хвалююць іх...
                                                    Яны прайшлі свой шлях.
Але, йдучы на бой паўзь лянішчы, аўсяньні,
палеглых успамін нясуць сябры,
                                                                        як сьцяг.
Усьцяж растуць крыжы пры ўзбураных дарогах.
За працу для сярпоў, за працу для нарогаў,
за шчасьце й супакой няспынны бой ідзе.
Пахучай сьвечкай з воску залатога
канае
            над палеглымі
                                            асеньні дзень...
 
1941, Менск.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.