РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Прарок
Сярод маны, сярод насьмешкаў,
Знак нейкі тулячы к грудзям,
Ішоў прарок пясчанай сьцежкай
З навукай новаю к людзям.
 
Праціўны вецер лез у вочы
I плачам пеў, як дзіцянё,
Зьвяр’ё зубамі йграла ўночы,
Днём выла ў небе груганьнё.
 
А ён, ня знаючы граніцаў,
Ішоў, хістаючысь наўслонь;
Агонь біў толькі з-пад зраніцаў,
Вялікіх праўд сьвяты агонь.
 
Душа палала дзіўным жарам,
Бы з зораў выснутая ніць,
Што сьвет магла б сваім пажарам
Абвіць і к сонцу ўваскрасіць.
 
Ужо з сваім аклічным словам
Прарок далёка быў вядом,
Народу шмат збудзіў к дням новым,
Даў славу братнюю братом.
 
Аж так дасяг – аквечан хвалай –
Зямлі забранай сумных хат,
Дзе царства цемры панавала,
Дзе сілу ўзяў над катам кат.
 
Народ змарнеўшы таго краю
Свайго на’т імені ня знаў,
Як непатрэбшчына якая,
Гібеў на сьвеце і канаў.
 
Галовы людзі пахіліўшы,
Зямлю капалі, як краты,
Ўтапіўшы ў мёртвай ночнай цішы
Усе жаданьні яснаты.
 
Прарок – пасол сьвятла – ў загону
Людзей убачыўшы такім,
Маячыць стаў ім, як шалёны,
Прарочым голасам сваім:
 
«Паўстаньце, рабскія натуры,
Пакіньце свой адвечны сон,
Загаманіце віхрам, бурай,
Каб ажна дрогнуў ваш палон!
 
Глядзіце: прадзедавы косьці
Ў зямлю калісь за вас ляглі,
А вы, як збэшчаныя госьці,
Пракляцьцем сталі той зямлі.
 
Дзе вашы песьні жыватворны?
Дзе ў вас прарокі й дудары,
Што над пагібельнасьцяй чорнай
Віталі б полымем зары?
 
Забылі ўсё, згубілі долю,
Зьмяшалі славы цьвет з гразёй
I запрадаліся ў няволю,
З душой і скурай счэзьлі ў ёй.
 
Пара у рукі браць паходні,
Ўставаць, ісьці, ноч расьсьвятляць!
Бо што ня возьмеце сягоньня,
Таго і заўтра вам ня ўзяць.
 
Назло крывавым перашкодам
Скідайце ёрмы, клічце сход,
I дайце знаць другім народам,
Які вы сільны йшчэ народ!
 
За мной, за мной, забраны людзе!
Я добрай доляй послан к вам
I знаю, што было, што будзе,
I вас у крыўды не аддам».
 
Так гаварыў і з рабства клікаў
Людзей на волю той прарок,
Ждучы з трывогаю вялікай
Ад іх адказу неўнарок.
 
А людзі, глянуўшы на сонца,
Адказ казалі грамадой:
– Па колькі ж нам дасі чырвонцаў,
Калі мы пойдзем за табой?
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
1912
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2019. Беларусь, Менск.