РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
«Забраны край»
Я ведаю, знаю старонку такую,
      Спавітую ў вечны туман,
Пад цёмнымі зорамі днюе, начуе,
      Ляжыць на кургане курган.
Хоць сохі, хоць косы гуляюць там ройна, –
      Ня поймеш, адкуль узялісь;
Людзей запытаеш, – адкажуць спакойна:
      «Забраны край» гэты калісь.
 
Сыны зямлі роднай чужыя палеткі
      Ў чужую карысьць засяюць,
На родных папарах галодныя дзеткі
      Чужую жывёлу пасуць...
Кладуцца заломы... Дабро зьмей валоча...
      Цянюе ля хат ваўкалак...
Нячысьцікі, ведзьмы рэй водзяць па ночы,
      «Забраны край» тузаюць так.
 
Сьляпы зьнемагаецца бацька ў цямніцы;
      На стражы пастаўлен сынок;
У поўных калісьці ад шчасьця сьвятліцах
      Чужак зьневажае дачок.
Дзяцей сваіх маткі кідаюць у зьдзеку,
      За «мамак» к наездцам ідуць,
А тыя за іх малако, за апеку
      «Забраны край» болей гнятуць.
 
Мальбішчам чужым б’е пакора паклоны;
      Упадку вялічыцца сьцяг;
З балотам зьмяшаны старыя законы,
      Наладжан нявольнічы шлях.
Купляюць, збываюць, гандлююць чужынцы
      Народным дабром, як сваім...
Заплача ў пагоду канюх па расінцы, –
      «Забраны край» жаліцца зь ім.
 
Наведзены струны у скрыпках па-свойску
      Чужая зрывае рука;
Жалейка азьвецца зь вясны пад бярозкай, –
      Ня ўцешыць яна бедака.
Так камень ня ляжа, як змора паданьня
      Лягла ад мяжы да мяжы
З надзеяй, што нават і думку змаганьня
      «Забраны край» вырве з душы.
 
Жыцьцё год бязь ліку на шнурык свой ніжа,
      Бязь ліку няволя есьць сіл...
Аж прадзедаў косьці ня ўлежаць пад крыжам, –
      Штоночы выходзяць з магіл.
Выходзяць, ідуць ад парогу к парогу,
      На стогн жывых грозна глядзяць
I зь ветрамі, з бурамі б’юць на трывогу:
      «Забраны край» клічуць устаць.
 
[1912]
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.