РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Чым хата багата
Усяго пакрысе
Знойдзеце вы гэтта, –
Пры сасе, пры касе
Сабрана за лета.
 
Шчырым сэрцам, душой
Складана няхітра,
Знама – свой, не зь якой
Там «зьвёздкай» ці мітрай.
 
Што-нібудзь мо’ ня так –
Прашу прабачэньня;
Трудна ў рыхт - часу брак,
Мазаліста жменя.
 
Мо’ і радасьць тут – госьць,
Больш нуды праклятай;
Вось бярыце, што ёсьць,
Чым хата багата.
 
Што у думках я меў,
Кепска даць ня браўся,
Хоць, як скованы леў,
Туды-сюды рваўся...
 
Людзі мруць, а ўсё ждуць
Багатшай уроды,
Мо’ і к нам прыбягуць
Шчасьнейшыя годы.
 
О, тады сноп у сноп
Жніва наша будзе...
Сотня коп, мільён коп...
Дзівуйцеся, людзі!
 
А цяпер, што цяпер? –
Бывайце здаровы!
Чэсьці дайце прымер
Для радзімых словаў.
 
[1906–1912]
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.