РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
На рынку
– Хадзеце, хадзеце, вясёлыя людзі!
      А жыва да нас на таргоўлю:
Пакупка – гасьцінчык вам кожнаму будзе
      Чырвоненькі, хатняй гадоўлі!
 
Паціху... ня бойцеся – пойдзе ўсё гладка, –
      Крый Божа, якога прымусу.
Маленькая рэч, – як матыль ці стрынатка...
      Ўсёй куплі – душа беларуса...
 
Меў хату, меў поле; – прыйшлі і забралі...
      Сам вінен: ня ўмеў пільнаваці.
Ну, ўсякаму ж трэба як-небудзь жыць далей, –
      Душу вось і можа прадаці...
 
Падходзь жа, паночку!.. зьнімі акуляры –
      Лепш будзе агледзіць пакупку,
Ты, барынька, так жа падбліжся!.. мы нары
      Дамо нават зь ёю, галубкай...
 
Штось срэбнікаў з трыццаць – як піша ў законе –
      Узяў за Хрыста калісь Юда...
Аб гэткай цане ані сьнім мы сягоньня:
      Станела ўсё – душы і цуды.
 
Дасьцё крыві з каплю, з гарошынку чэсьці,
      І – ваша душа ва ўсёй хвале...
Бо так – не купіўшы – ня сьлед на крыж весьці,
      Гатовы сказаць, што вы ўкралі...
 
1912
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2019. Беларусь, Менск.