РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Гальшанскі замак
Пад намі каменьне, і цэгла, і горы зямлі,
Якая калісьці была чалавечаю плоцьцю.
Навошта па продкавы скарбы
сюды мы прыйшлі?
Хто сьмерць абкрадае –
жыцьцём за здабытае плоціць.
Апошняя сьвечка вось-вось
перастворыцца ў воск,
Зь якога паўстала калісьці
пад пальцамі мнішкі.
Дыханьне каханай,
нібыта сьляпы матылёк.
Чвакай, не зьлятай...
Я паветра аддам да кілішка...
Чакай... Мы паўстанем,
мы вернемся на Беларусь,
Мы сходамі пройдзем – два цені –
і моцных абудзім.
І пліты падымуць,
і грудзі зямныя ўзарвуць,
І золата продкаў здабудуць бясхібныя людзі.
Ня веру, ня веру,
што вязьнямі стануць яны,
Як мы, і як тыя, пад намі,
што верылі ў волю...
Засыплюць са скарбамі разам...
Былі каб адны
Руіны – ня замкі... Каб іх не чапалі ніколі...
Каменьні, каменьні...
Каменьнямі поўніцца край.
Хоць час адлічыўся,
званы не чутны ў сутарэньні.
Расколаты панцыр,
і зрэзана з дрэва кара.
Па сходах памерлага замку
сьлізгаюць два цені.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.