РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сьветлае памяці Ўладзіслава Эпімах-Шыпілы
Здалёк ад роднай стараны,
Ад беларускіх ніў і хат,
Ён жыў, як кветка на мяжы,
Якую хвошча дождж і град.
 
Ён жыў і Бацькаўшчыне ўсьцяж
Не пакідаў – як мог – служыць,
Душу і сэрца аддаваў,
Пакуль ня стлела жыцьця ніць.
 
Да самай страшнае пары,
Што нам яго ўзяла на век,
Ён быў заўсёды і для ўсіх
Грамадзянін і чалавек.
 
Для Беларусі, як умеў
I сколькі сілы меў служыў,
I не чакаў сабе наград,
Адно радзімым словам жыў.
 
Любіў яго, пацеху ў ім
І веру крэпкую ў ім меў,
На службу верную яму
Астатак сілаў не жалеў.
 
Артыстам будучы душой,
Красу ён родну праслаўляў:
Са сцэны родную зямлю
І слова роднае ўсхваляў.
 
А сам... Ня рваўся к славе ён,
Пахвальных гімнаў не жадаў;
Паціху між братоў ішоў,
Аб долю лепшую іх дбаў.
 
Не зачыняў сваіх дзьвярэй
Для сваяка і чужака;.
Пацеху сумнаму ўмеў даць
I надарыці бедака.
 
Сягоньня тут, у чужыне,
Яго анельская душа,
У жальбе кідаючы ўсіх,
У край нязнаны адышла.
 
Сьпі, грамадзянін добры наш,
Хай будзе кветкамі зямля,
Як кветкай мілаю для нас
Ты быў, гаротнік за жыцьця.
 
Хай над магілкаю тваёй
Вандроўна птушка запяе,
А сонца яснае зь нябёс
Сваё праменьне вечна лье.
 
Хай вольны вецер данясе
Сумную вестку ў родны край,
Што сын яго адзін яшчэ
Ў чужыне выбыў ў лепшы рай.
 
Сьпі, грамадзянін добры наш,
I сны шчасьлівейшыя сьні,
Чым тыя, што меў у жыцьці,
Ад роднай вырваны зямлі.
 
1914
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2019. Беларусь, Менск.