Гэтыя людзі дыхаюць цяжэй, чым валуны, адна зямля ведае, як ім цяжка. Іх мільёны, цэлы народ – і ўсе яны блізьняты, і толькі выбраныя зь іх ведаюць паталёгію хваробы свайго народа, і толькі яны адныя ня могуць звыкнуцца зь ёю, ім дыхаецца цяжэй, чым каму, таму хрыпяць іх грудзі, і душыць жахлівы кашаль, і разам зь сьлінаю яны выхаркваюць кроў, наўмысна выхаркваюць на вуліцах горада, у крамах і на сваіх працоўных мейсцах, у сваёй сям’і і на чужых людзях, бо ў гэтай крыві крыецца іх хвароба, бо ў гэтай крыві выратаваньне іх народа. Сябры спачуваюць ім, употайкі выплёўваючы сваё харкавіньне, абывацелі гідзяцца і ўцякаюць, як ад пошасных, але ўсё адно, калі ідзеш па горадзе, усё часьцей і часьцей сустракаеш людзей, якія душацца крывавым кашлем. I я не магу так болей жыць, я задыхаюся, я паміраю, сеначы ў мяне кроў хлынула ротам на мае рукапісы, на маіх дзяцей, цяпер і яны пошасныя...
|
|