Уяўляеш, я спазьніўся на трамвай – Год на семдзесят, а можа і паболей. І раптоўна агарнуў мяне адчай, Што ніколі - разумееш? - аніколі Мой трамвай не прагрукоча, як раней, Па старой сталічнай вуліцы цэнтральнай, І званок ягоны ўжо не скалане Цішыню глухую гарадзкога раньня, Што ніколі не сустрэне ён мяне, І дарэмна я чакаю на прыпынку Можа “двойку”, што блукае, нібы ў сьне, Можа – звонкую, імклівую “адзінку”... Той трамвай ужо адбегаў, адзьвінеў, Не прыедзе, не адчыніць свае дзьверы – Ён загінуў на няскончанай вайне Разам з горадам, што жыў, кахаў і верыў.
15/16.8.2009.
|
|