Аб’явы прыпынкаў ужо не ідуць з галавы, У горадзе шумна і тлумна, няўтульна і пыльна. Замкнутыя дзьверы сабору і Жоўтай Царквы, На Ракаўскай вуліцы сьпіць некранутая Вільня. Ты крочыш па горадзе, дзе ні хвіліны ня жыў, Ён іншы, чужы, і ніколі табе не належаў. З-за новай Нямігі прыцішана, бы з-за мяжы, Азваўся апоўдні гадзіньнік на ратушнай вежы. Разьбітыя мары, і часу няўмольнага такт Удар за ударам табе адмярае. Дванаццаць. Ты хочаш навечна застацца ў аціхлых дварах, Пайсьці, заблукаць, і ніколі назад не вяртацца. Чароўная песьня ліецца, нібы з-пад зямлі Няміга сьпявае і плача, няўцешна і глуха, А ў небе кружляюць анёлы, нібы матылі, І горад стары засыпаюць таполевым пухам.
17/18.6.2009.
|
|