РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
25.III.1918–25.III.1920 Гадаўшчына-памінкі
Ня сьвята сьветлае спраўляці
Сягоньня будзе наш народ.
А трызну па айчыне-маці
Ён справе ў гэты цяжкі год.
 
У гэту нашу гадаўшчыну
Зьвініць ланцуг, як і зьвінеў,
І там, і тутка без упыну
Шалее катні зьдзек і гнеў.
 
За катам кат на нашы гоні
Прыходзіў, грабіў, зьністажаў,
Людзей закованых палоніў,
На той сьвет без пары саджаў.
 
Край разрываны ўвесь на часьці –
Народ аграблены яго –
Не ўбараніўся ад напасьці
І ад пагібельля свайго.
 
Праз два гады на Беларусі
Народ аб радасьці ня сьніў,
А галасіць і плакаць мусіў
На папялішчы хат і ніў.
 
Над курганамі галасілі
Сіроты, ўдовы, жабракі,
Над імі ж у крывавым пыле
Луналі груганы-крукі.
 
Лунае груганьнё ў прывольлі
На ўсход, на захад, там і тут
І сочыць косьці ў чыстым полі,
Дзе вые куля, вые кнут.
 
Яшчэ дыміць скрозь пажарышча,
Растуць магілы скрозь яшчэ,
А на магілах крыўда сьвішча
Ды кроў гарачая цячэ.
 
Не «незалежнасьць» праз час гэты
Сваё разводзіла сьвятло,
А паднявольле без прасьветы,
А рабства Беларусь гняло.
 
Народ спраўляць памінкі будзе –
Ня сьвята сьветлае вясны, –
За стол жалобны сядуць людзі
Там, дзе крыжы, дзе курганы!
 
1920
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.