РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
У верасьня – свой, асаблівы пах:
Курыць сівец – плыве дымок гаркавы.
Зямлёю пахне бульба у капцах,
Антонаўкамі – зоры па начах
I туманы – ляжалаю атавай.
 
А гарбузы пралежалі бакі
I абвіліся павучынай пражай.
Здавалася – за хмарай хлапчукі
Разрэзалі гарбуз на два кускі
I ўночы Млечны Шлях
                                                  на семкі пражаць
 
Радоўку адбываць гатоў заўжды.
Ступаеш золкай, колкаю расою –
Дымяцца ўсьцяж зялёныя сьляды.
Адбілася цялё ад чарады,
А пыса пахне цёплым сырадоем.
 
У верасьня ёсьць самы сьветлы дзень,
Заўсёды ён душу маю трывожыць,
Хоць зноў штаны кароткія надзень
I, гледзячы на свой цыбаты цень,
Пусьціся басанож у падарожжа
 
У край, дзе раніцай салодкі сон,
Дзе ў сумцы агурок, аловак, сьцёрка
(А вочы расьцьвілі, як сіні лён!),
Дзе пяцярнёй махае кожны клён –
Жадае зарабляць адны пяцёркі;
 
Дзе ў калідоры цяжка сьцішыць бег,
Сядзець у клясе гэткая нудота.
Ля вокан вераб’і лятуць з-пад стрэх.
I, як у кут паставілі за сьмех,
Ты дома ўсім паказваеш з ахвотай.
 
У верасьня – свой, асаблівы пах:
Курыць сівец – плыве дымок гаркавы,
Зямлёю пахне бульба у капцах,
Антонаўкамі – зоры па начах
I туманы – ляжалаю атавай.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.