РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Хлебнічак
Сьніў адвячоркавы час:
Нядзеляю пахла субота.
Бацька з работы прыйшоў якраз –
I хлеба так многа прынёс з сабою.
 
Мне скібу адрэзаў у пальцы два.
Я толькі да рота паднёс духмяны,
Ды раптам:
                          – Хлебнічак, уставай...
Досыць спаць табе – ўжо ня рана.
 
Рана будзіў сорак шосты год...
Няўродзіца... Картачная сістэма...
Да крамы досьвіткам валіць народ.
Апуджаны певень галосіць нема.
 
У бок пякарні глядзяць усе.
Нарэшце доўгачаканае:
                                                  – Едзе!
З узгорка пакатага пакрысе
Будка з хлебам цягнецца ледзьве.
 
У белым халаце хадзіў хлебавоз,
Акружаны ўсеагульнай пашанай...
Як скарб,
                  я дадому буханку нёс,
Спацелы,
                    ад хлебнага паху п’яны.
 
Маці ўсьміхалася:
                                      – Хлебнічак мой...
Глядзі і помачы прычакала...
I з кацялочка перада мной
Самую сопкую бульбіну клала.
 
За хлебам на золку гатоў уставаць,
Хоць спаць будзе зноўку хацецца, вядома.
 
Да сёньня прыемна мне адчуваць,
Што быў не нахлебнікам –
                                                          хлебнічкам дома.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.