РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Кастальская крыніца
Чутка ёсьць, што ў лясной лагчыне,
Дзе туман на галінах сядае,
Ручаёк празрысты і сіні
З-пад калоды ў сьвет выцякае.
 
Там сьпявае ўсё-ўсё жывое,
Нават жоўтая, палая гліца,
І сьпяваюць стройныя хвоі,
Што растуць над гэтай крыніцай.
 
Кропля кожная голас мае,
Як бяжыць яна па адхону.
Нават шчур салаўём сьпявае,
Як нап'ецца вады сьцюдзёнай.
 
Чуеш? Песьня зьвініць, не сарвецца
Гукам чыстым, высакародным.
А крыніца – песьняю зьвецца,
А цячэ яна – з гушчы народнай.
 
Адшукаць бы яе на прадвесьні
У лясістых горах і долах,
Каб сьпяваць не чужую песьню,
А сваю – ды на поўны голас.
 
Як шукаць мне тую крыніцу
Сярод дрэў вялікіх, няўламных?
Як вады дасхочу напіцца
І зайграць, каб слухалі камні?
 
Каб зубры прыходзілі зь лесу
І надоўга жаваць забывалі,
Каб сабакі – і тыя за песьню
Запылёныя ногі лізалі.
 
Каб магутнай была як навала,
Каб для ўсіх была добрай знаёмай,
Каб мярзотнікаў розных карала
Як удар няўмольнага грому,
 
Каб са мною плакалі людзі
І сьмяяліся разам са мною,
Каб у самых бяздушных грудзях
Сэрца стукнула як маладое.
 
Тут адному дарогі не будзе,
Правядзіце мяне да хвояў,
Працавітыя, простыя людзі,
Сумленьне маё жывое.
 
1955
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.