РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Паязджане
Шлях цячэ між дрэў, пакрытых інеем.
Зімні, казачны убор зямлі.
Белыя, ружовыя і сінія
На ялінах ружы расьцьвілі.
 
Сьнег кранае ружы пацалункамі,
Сьнег спадае паміж хвой сівых,
Каб укрыць нямоцнымі карункамі
На санях вясёлых маладых.
 
Толькі што пад сьнегавымі хвоямі,
Збудаваўшы ў весьніцах накат,
Хлопцы перастрэлі іх са зброяю.
І гарэлкай адкупаўся сват.
 
Князь сваю «галубку» выкраў сілаю
І да роднага гнязда нясе,
Любую, усхвалявана-мілую,
З шэранем у залатой касе.
 
Сонца ў хмарку перад ёй аточыцца,
Упадуць дубы сівыя ніц.
Гэх, баяры скачуць па абочынах,
Раз па раз страляючы з рушніц!
 
Дзікі пошчак аддае дарогаю,
Сьнежай пудрай санны шлях курыць.
Што ж чаканьнем сумным і трывогаю
Песнья паязджальная гучыць?
 
«Ехалі мы логам,
Ехалі мы логам,
Сустрэліся з Богам,
Сустрэліся з Богам.
Ехалі мы лесам,
Ехалі мы лесам,
Стрэліся зь Вялесам,
Стрэліся зь Вялесам.
А казаў нам Божа:
"Ці добра ж вам будзе?
Ці добра ж вам будзе?"»
 
Будзе добра. Самай поўнай мераю
Вам жыцьцё насыпле у кішэнь
Працы, дзетак і дарог нямераных.
Весяліцеся ж хоць гэты дзень.
 
Што ж, зьлятае ліст глыбокай восеньню,
Каб дарогу даць лістам другім,
Заўтра певень збудзіць ноч галошаньнем.
Паплыве зь пячуркі ў неба дым.
 
А пакуль – заві каханку ружаю.
Будзе стол і будзе сьмех людзей.
Добра у пакоіку настуджаным,
У прытульным пухавым гняздзе!
 
Пралятуць гады над вамі сьветлыя.
Будзьце шчаснымі дзеля таго,
Каб сустрэць калісь усьмешкай ветлівай
Паязджан унука сваяго.
 
Ўспомніць князь тады дарогу вузкую,
Шэрань, коней бег і рушнікі,
І даткнецца зьвянуўшымі вуснамі
Да каханай, зморшчанай шчакі.
 
19.XI.1956.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.