 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Паэт лахмаціў валосьсе кудлатае І вяргаў можа чатыры гадзіны Пра гром пасатаў, пра тропікаў шаты, Пра бег драмадэраў ў барханах пустыні. Воплескі столь узарвалі ў кватэры, Ад захапленьня салон задыхаўся... Напэўна, Калумб, адкрыўшы Амэрыку, Лаўраў гэткіх не дачакаўся. Чытаў ён доўга пра пальмы над стрэхамі, Пра бойку матросаў у душным труме. (Паэт, сапраўды, аднойчы праехаў На кацеры з Поці аж да Сухумі.) Паэту на кудлы з чаркай і хлебам Крылатая апускалася слава. Жанчыны пабеглі б за ім аж на неба, Мужчыны галантна шапталі: «Брава». Калісьці былі «поэты печали», «Паэты-трыбуны», «паэты прарочыя», А зараз слова «паэт» азначае, Часьцей за ўсё, «улюбёнец жаночы». І ціхі сум местачковых баронаў Гудзеў пад сурдынку ў пакоі людным: «Ах-ах, мандаліны! Ах-ах, мусоны! А ў нас так шэра! А ў нас так нудна!» Я ведаў – яны ненавідзяць новае. Нашто перад сьвіньнямі сыпаць перлы? І ўсё ж я ўстаў і абрушыўся словам На гэту прыбраную зграю памерлых: Вы сядзіцё тут ад лямпы сінія І марыце пра піраміды над Нілам, А што вы ведаеце пра краіну, Ў якой вас маці на сьвет нарадзіла? Яна вам нудная, шэрая, сумная. Ясьце яе бульбу, ясьце яе сала, А самі былі толькі ў менскім ДУМе, Ды чулі аднойчы імя Купалы. Не бачыце сьвета за ўласнай клумбай У марах аб нейкім цудоўным раі. Што вам да тых вялікіх Калумбаў, Якія край ваш вам адкрываюць? Пыляцца кнігі іхнія ў крамах, Забыцьцю аддалі старыя карціны, На вежах разбураных полацкіх храмаў Шыльда: «Расьпівачна і на вынас». На ўсё адпіска. Музэй? Пачакаем. Збор вышывак. Некалі прымем меры. Аддзел этнаграфіі? Як жа, ствараем. Помнікі бураць. Праверым, праверым. Што ім з таго, што за кнігу і слова Народ сем стагоддзяў ставаў у стрэмя?! Ня любяць Радзімы, не любяць мовы. Хлопы! Іваны без роду, без племені! Што ж дзіўнага, адукаваныя дамы, Што вы ў захапленьні ад нейкіх пасатаў, Хамы лічаць заўсёды «хамскім» Матчыну песьню і матчыну хату. А я не пішу пра чужыя шыроты. Я джунглі і ў нас адшукаць сумею. Сьцяблінка звычайнай расянкі балотнай Цікавей жыве за ўсе архідэі. У дрэвах з мармуру – іх зваць бярозамі, У вежах з карункавым іхнім уборам Я добра бачу ўчарашнія сьлёзы І сёньняшні сьмех з барацьбою поруч. Райскія птушкі (сіваваронкі) Ў джунглях дрымучых (лясах Белавежы), Ў краі нязнаемым (роднай старонцы) Ў мімозы сядаюць (у верас бязьмежны). Што мне да кінутых храмаў Мая, Калі жывуць легенды ў народзе, Калі на выспах глухіх адкрываю Крокі мінуўшых тысячагоддзяў. У нашай краіне ёсьць буслы чорныя, Бабры разумныя, як прэзідэнты, І жораваў скокі на весьніх азёрах. Чуеце, гора-інтэлігенты?! Мядзьведзі лечацца травамі горкімі, Шукаючы дзікі часнок на лузе, Павук-серабранка ў гняздо пад чаротамі Носіць паветра дзецям пад пузам. А вы льяцё па чужому сьлёзы, Забыўшы Радзімы простыя кветкі, І любіце вершы ёлупаў розных. Вядома, сьвіньню прыцягвае сьметнік. Маю Радзіму, маю зялёную Забыць і ў разрад нецікавых сунуць? Мала вам плюнуць у твары сонныя. Чакайце! Яшчэ калі-небудзь плюнуць! А я ў народ мой заўсёды веру, І для яго як вопытны кормшчык, Адкрыю найлепшую ў сьвеце Амэрыку (Вёску Амэрыку, што пад Воршай).
5.II.1957.
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2022. Беларусь, Менск.
|
|
|