Сірын на досьвітку ў лесе сьпявае, Дрэвы ў празрыстым вэлюме зялёным, Сінія хмаркі, як дым, праплываюць На візантыйскім небе чырвоным. Ў лесе азёры вясеньнія, сінія, Дзеткі-бярозкі выйшлі на бераг... Крылы жар-птушкі, воблік дзяўчыны, Вочы сьмяюцца, вялікія, шэрыя. Радасьць вясеньняя, дальняя песьня, Ціха фіялка зь зямлі выглядае: Ў мокрых лясах, на блакітным прадвесьні Сірын, закрыўшы вочы, сьпявае. Песьня ўзьлятае ў імклівым палёце, Песьня лікуе майскім сьвітаньнем Ў гэтай пранізьліва-страшнай пяшчоце, Ў гэтай любові, ў першым каханьні.
9.IV.1957.
|
|