РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Воўк
Сaмцы сьціснула пасткаю лапу.
Пахла дымам далёкіх стрэх.
Воўк кусаў акрываўленай зяпай
Сталь халодную, мерзлы сьнег.
 
Толькі ранкам яе пакінуў
І кружыў сярод бліжніх лоз
Адзінокі, як месяц над нівамі,
У траскучы гэты мароз.
 
Людзі ўдзень прыйшлі да адрынутай
І яе, заўважыўшы сьлед,
Як жывую прынаду пакінулі
Ў дзень апошні глядзець на сьвет.
 
І ўвесь дзень мільгацеў за аблогай,
Дзе спляліся хмызы, як паркан,
Цень вялізнага, цень сівога,
Цень самотнага ў сьвеце ваўка.
 
Калі ж ноч сьняжком лебядзіным
Закурыла на стужкі дарог,
Ён прыйшоў зь бясьпечнай лагчыны
І на сьнег поруч зь ёю лёг.
 
Занурыўшыся, думаў сурова,
Быццам спаў, – ды спакойна так, –
Толькі ціха ўздрыгвалі бровы
Жаўтаплямыя, бы ў сабак.
 
Поруч зь ёю, яшчэ не памёршай,
Ён прыпомніў леташні сьнег,
Сіні месяц, сустрэчу першую,
У руі той шалёны бег.
 
Што ж дарэмна выць і бадзяцца?
Калі людзі са зброяй прыйшлі,
Ён ня мог, не жадаў падняцца
І пакінуць яе на зямлі.
 
Ён глядзеў не змаргнуўшы ў рулю,
Ён маўчаў, ня дыхаў, ня соп,
Узяўшы гарачую кулю
У шырокі пукаты лоб.
 
1957
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.