 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
У горадзе без тралейбусаў, над імклівай няўмоўчнай ракой, На вуліцы Касманаўтаў – хата маці маёй, На вуліцы Касманаўтаў, дзе ўлетку бубняць чмялі, На самай мне любай вуліцы з усіх, што ёсьць на зямлі... Пасталі дамы ў пажары каралавых арабін – Шаснаццаць аднапавярховых і двухпавярховы адзін. А поруч зь імі узносяцца над стромай садоў залатых Велічны гмах піўзавода і дом Грамады глухіх. Хто там сьмяецца зьедліва? Лепей няхай маўчыць! Па гэтым па цёплым пыле я вуды нёс на плячы. Тут маці мая ля брамы, як выплыве месяца рог, Чакае нястомнага сына з далёкіх-далёкіх дарог... Асеньняй імжой безнадзейнай і вясной, калі гоняць кароў, Адзіная з тысяч вуліц, ты – сьвятло маё і любоў. Нідзе ў сусьвеце ня стрэнеш стрэх і кветак такіх, Тут гусі такія паважныя, бы з Марса вывезьлі іх, І нідзе не песьціў на сьвеце ніякі вішнёвы сад Такіх немаўлят крыклівых і такіх пяшчотных дзяўчат. Дзяўчат, што ўсю ноч да сьвітаньня купальскай добрай парой Сьпяваюць зорныя песьні пра вярбу над ціхай вадой. Сьпявайце, дзяўчаты, сьпявайце, каб адпачыць салаўю, Пра сон і вільготныя веі, пра апошнюю страту маю... Нябачны нікому на сьвеце, стаю і слухаю вас, Каб сэрца не сумавала ў чорны паўночны час... Вуліца Касманаўтаў зьбягае ў лагчыну з гары. Вытокі яе – у горадзе, вусьце яе – у Дняпры. Направа – дамы і краны, і шызы з комінаў дым, Налева – Дняпро і абрывы, і аблокі над гэтым усім. Цяпер жа, далёка за поўнач, як згасьлі агеньчыкі ўсе, Над ёй беларускае неба ў сваёй адвечнай красе; Зьменліва зьзяе Капэла, сінее віно ў Каўшах, Шлях Чумацкі віхурыцца пылам, срэбны Батыеў Шлях. Сьпявайце, дзяўчаты, сьпявайце – крылаты чакае лёс: З вуліцы Касманаўтаў на срэбны гасьцінец нябёс. Дзякуй за адпачынак. Сад зацьвіў недарма, Я іду адсюль. Я сьпяшаюся. Дарозе канца няма. І недзе далёка сьвеціць, як забыты цёплы маяк, Вуліца Касманаўтаў – пустая калыска мая.
1962
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|