Цягалася Крыўда па сьвеце, Ад хаты да хаты блудзіла; Тым строіла вечныя сеці, Тых гнала бяз часу ў магілы. Ад хаты да хаты йшла з хвалай, Ўзьвялічвала троны, кароны; Нявольнікам путы кавала, Пладзіла сусьветныя стогны. Здавалася, ноч не пяройдзе, Іржа не згрызе вечных путаў, – Аж бліснуў пажар на усходзе, I дрогнулі рабскія скруты. I дрогнула Крыўды ўся ўлада, Разьлёгся скрозь кліч перуновы; Апалі кароны, пасады, Зь нявольнікаў спалі аковы. I мілай пацехай зазьзяла I доля і слава людская, Дый толькі, знаць, слава і хвала Недаўгавечнай бывае. Раскованы раб сябе выдаў – Ня ўзьнёсься ўвысь дух чалавечы, – Нявольнік пабратаўся з Крыўдай I ў помач ёй даў свае плечы.
1918
|
|