РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пяць сэнатараў
Іх сышлося пяцёх на крывіцкіх палёх,
        На абшары ня Божым ці Божым,
I давай разважаць, і давай так казаць:
        Найвышэйшую раду заложым.
 
Бо ўсялякіх спакус мае шмат беларус,
        I да ўлады ён мае нахілы,
А найлепш, як нас пяць будзе ўладу спраўляць
        Над народам, які для нас мілы.
 
Як казалі з сабой, так зрабілі, як стой,
        Найвышэйшую раду зьляпілі;
Папілі барышы, пабылі на імшы
        I ў сэнатарскі чын уступілі.
 
Дзень жывуць і другі, а людзей ні крыхі, –
        Не сьпяшыць штось падданы з паклонам,
Хоць зарэж, а ня йдзе, вось і вер грамадзе!
        А тут сноўдаюць цені ў чырвоным.
 
Трэба раду як даць, – так іх раіцца пяць, –
        Трэба ўсіліць дзяржаўную ўладу...
I спазналі яны, што тут «маркі» адны
        Ўладзе будуць найлепшай прынадай.
 
У сваім пачуцьцю падвялі пад стацьцю,
        Што ня стыд, хоць і ў чорта ўзяць грошы,
А тым болей, калі дні такія пайшлі,
        Што падданы ад чорта стаў горшы.
 
I пайшлі упяцёх за высокі парог
        Да «крэсовага» яснага панства;
Ў «пшэдпакоі» падрад сталі, як на парад,
        Сэнаторскага поўны падданства.
 
Пазіраюць кругом, штосьці шэпчуць цішком,
        А ля іх – ім на дзіва да сьмерці, –
Беларускі расол белы хлебча арол,
        Да то ўправа, то ўлева хвост верце.
 
Так стаяць, хоць і страх, а тут дзьверы шарах!
        Лёкай ткнуў ім «крэсовы пачушак»...
Мігам выйшлі яны, – рады, хоць на штаны
        Для сябе  н а с т а я л і  «касьцюшак».
 
I жывуць зноў сабе, а падданы ня йдзе,
        А чырвоны цень цісьнецца ў дзіры;
Дык зноў сушаць мазгі, як схадзіць раз-другі,
        Сэнаторскія сшыць каб мундзіры...
 
1920
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.