РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Паром
Пагоднай сенакоснаю парой,
Нагружаны бухматымі вазамі,
Зялёнай хмарай сунецца паром.
Каб не адбеглі берагі ў бакі –
Канатам мокрым моцна іх зьвязалі.
I злосна ўсталі стромы на дыбкі.
      Але прымаюць берагі паром –
      У берагоў з паромам свой пароль.
Сам Чэрвень за паромшчыка стаіць.
Плывуць вазы – няма затрымкі руху, –
Здаецца, ўброд з лугоў пайшлі стагі.
Спацеў паромшчык, замарыўся ўшчэнт.
Балюча шыю рэжа пацяруха,
Ды пад’язджае воз,
                                          яшчэ,
                                                      яшчэ...
Як сьпёка,
                      дыхае ля вуха конь.
Ад мурагу пазелянелі цуглі.
Гарыць агнём у Чэрвеня далонь –
Канат сьціскае сёньня ад відна.
Ды воз за возам валакуцца цугам.
Рака прапахла мурагом да дна.
      А сонца пазірае зь неба скоса –
      Ой, не абгоніць Чэрвень Сенакоса.
Гэй, Чэрвень,
                              ты адзін запарышся –
Бяры мяне к сабе ў таварышы...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.