РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Верасовачка
Іду. Лагчынка перасохлая
Ледзь папярхнулася расой.
Ці прымеш госьця,
Верасовачка –
Дачка вясёлых верасоў?
 
Тут, помніш,
Нам ва ўсім паверыўшы,
Жылі суседзямі лясы.
Цьвілі у бацькі вочы верасам
Ад слова ранішняга – «сын».
 
Прыйшла пад хату грушка дзікая,
Ледзь я свой год другі сустрэў.
А ходзікі на сьценцы цікалі,
I падалі дажджы са стрэх.
 
Тут, як у казцы, ў лядах восеньню
Карову пасьвіў кот Мірон,
Лісіца пеўня з дому зносіла
I вечар глух ад камароў.
 
Мяне купалі у ліповачках,
У бацькаў торкалі рукаў.
Калыску маладзік да поўначы
На вострых рожках калыхаў.
 
Ноч, як малога, хутар хутала
Аўчынай жнівеньскай імжы.
...А сёньня грушына бяз хутара
Стаіць бабылкай на мяжы.
 
А сёньня зацьвіла ігрушына
За трыццаць год упершыню...
Чым гэта вока запарушана?
Хто там парушыў цішыню?..
 
Схіляю галаву з пашанаю,
Адсюль нясу ў трывожны шлях
На кожнай далані па жаўранку
I па хмурынцы
                                  на плячах...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.