РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Мая бацькаўшчына
З суседзямі падзелішся скарынкаю.
Адно ня ўмееш з торбаю прасіць.
Як ластаўка,
                          з падстрэшша рук Скарынавых
Тваё крыляла слова па Русі...
 
Ты бласлаўляла даланёй кляноваю
Сваіх сыноў.
Сьлязамі дабяла
Бяліла лён на сьвітку Каліноўскаму
I ў сны Ўрублеўскага ты Нёманам плыла...
 
Зеленакосымі, тугімі сеткамі
Злавіла Сьвіцязь юнакоў спакой.
Хоць ён пабраўся зь песьняю суседскаю,
Але вясьнянкі не забыў тваёй...
 
Люблю цябе
                            у веснавых праталінах,
У белай хустцы маладых сьнягоў.
Як на грыбы,
                              багата ты на таленты –
Пільней глядзі і нерушы знаходзь.
 
Радзі, зямля, ты –
                                      шчодрая і сьціплая.
Каб толькі маразоў ня знала рунь!
Імя тваё нашчадкам з нэтраў выплыве –
Сівых стагоддзяў рэха:
                                                  – Бе-ла-русь!..
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.