Паката дах апусьціў плячо. Ня можа ўсё грыбасей спыніцца. Субота. Падлогу мые дзяўчо, Падторкнуўшы так, як мама, спаднічку. Пярэвісла бразгае па вядры. Масьніцы просьбу сваю прарыпелі: «Дзеркачом нас, жвірком нас тры, тры, тры! Узад-уперад, узад-уперад...» Лакцём валасы адкінь ды адкінь. У вадзе дажджавой заходзяцца пальцы. Затое ўжо гэтак гараць сучкі, – Здаецца, падлогу наскрозь прапаляць. Гараць і падэшвы – нельга трываць. На ганку топчацца прысьмерак сонны... I звонкія ногі студзіць трава, Як дзьве асмужаныя сасёнкі.
|
|