Беларусь, Беларусь – гэты зык Паліць душу маю, як агнём. Я не ведаю, чым ён вялік, Але думак не змог я аб ём. Як пачую яго, задрыжыць Маё сэрца, заные ў грудзях, І балюча так робіцца жыць, І шукаеш чагосьці ў людзях. Беларусь, Беларусь... гэтых слоў Пойме музыку, хто ўсёй душой Іх магутны, тужлівы іх зоў Зловіць думкай сваёю жывой, – Затрапеча, бы ранены, ён, Задрыжыць пад навалаю дум: Гэткі страшна-пакутны іх стогн І аб волі бязьмерны іх сум. Беларусь, Беларусь – гэта дзей І разумных, і слаўных прыклад; Край вялікіх і дум, і людзей, І бяздольна схіліўшыхся хат, Дзе нядоля і гора спрадвек І бяднота сярмяжных жывуць, Крыўда дзе, паняверка і зьдзек Краскай макавай ярка цьвітуць. Беларусь – край замчышч, курганоў, Дзе таяцца страхоцьці і звод, Дзе русалкі выходзяць зь віроў І начніцы вядуць карагод, Дзе пад шум каласоў ведзьмары На палетках заломы кладуць І ў купальскую ноч у бары Забабоны ў пацёмках снуюць.
1920
|
|