РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Лесьнічоўка Вэлдзіс
А пад вясёлкай-восілкай,
Як баравая пчолка,
У ясеневай восені
Зблудзіла лесьнічоўка.
 
Галіны па-над сьцежкамі
Па сажаню ў размаху.
У лесьнічоўкі ўцешнае
Імя –
          «Прагоніш смагу».
 
На тое воля восені
I залатой завеі,
Што Ручайком –
                                      Авоціньшам
I гаспадар завецца.
 
Каля гасьцей расчуленых
Ды каля песьні ціхай
Плыве-плыве рачулкаю
Шчыруха-лесьнічыха.
 
А ручаінкай з возера
Іскрыцца лесьнічоўна, –
За ёю нашы позіркі,
Як Даўгаваю чоўны...
 
Тут студня знакамітая
I ўсім вада да смаку,
Ды болей акавітаю
Мы праганяем смагу...
 
Выходжу ў ноч спакойную,
Ваду знаходжу неяк.
На дне халоднай конаўкі
Травінка зелянее...
 
Падушкі ўзьбіла белыя,
Жадала: – Лабу накты!
Мне ж, як салдату бегламу,
Ня сьпіцца доўга надта.
 
А лесьнічоўне хораша
На мурагу на вышках.
Мне ў хаце нешта горача,
Я зноў да студні выйшаў.
 
Сябе я пераконваю,
Тут нечая правіннасьць:
Тры ў небе поўні –
                                          конаўкі,
На дне па тры травінкі...
 
Гайдалася-
                        гайдалася
Вядро –
                  і ў студню села.
Чаму ж не здагадалася
Паслаць і мне на сене?..
 
Ня яблынька лясовая –
Ты злая асачынка...
Мяне старымі совамі
Тры поўні асачыла.
 
Іду сабе бяссоньнікам,
Ня знаю сам кудою,
Сасоньнікам, сасоньнікам,
Палянкай маладою.
 
Дах туманоў залатаны
Змакрэлым
                          жоўтым лістам.
I просяць пеўні Лацьвіі
У неба дзень нямглісты.
 
Пацягваецца соладка
Дня маладога пахмур.
На золаку,
                      на золаку
Мурог трывожна пахне...
 
Да ясеневай восені
Я не забуду сьледу.
Налета да Авоціньша
Касіць мурог прыеду.
 
Я ж не такі няўдаліца,
Ня зломкава нясеньне.
Няўжо не здагадаецца
Тады паслаць на сене?..
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.