 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Пакуль далёка сьпіць залева I сопкі песьцяцца ў смузе, Яны ўдваіх, Адам і Ева, Капаюць бульбу у тайзе. Конь пасьвіцца, бялее грыва Зь перастаялае травы. Спрадвечны сум апаў тужліва – Лятуць у вырай журавы. Усьлед махаюць крыльлем кволым Кусты, лімоньніцы, чмялі. Спрадвечных дрэў спрадвечны кворум, Спакой спрадвечны на зямлі. На момант сэрца ён асіліць, I здасца, што няма трывог, Што зь недалёкай Хірасімы Не паскубуць вятры мурог, А толькі ціхія павевы Хвалююць ільмакі ў тузе. Яны ўдваіх, Адам і Ева, Капаюць бульбу у тайзе. * Сюды, ў дажджы, ў мароз сіберны, Аратаі і кавалі, З-пад Вільні, зь Віцебскай губэрні Гадамі землякі брылі. Над імі выраі ляцелі Дамоў, да веснавых грамоў, I хмаркі плавалі, як цені Дымоў з астылых каміноў. Ад роднага стала, ад бульбы Дарогі розныя вялі: Адных – даўгі рубель і булкі Завабілі на край зямлі. Тых – залатая ліхаманка Занесла ў непралазь пургі. Ня горача пад лахманамі Было ад вогнішчаў тайгі. Ну а каму саболі пасьвіць Давер’е аказаў урад. Лёс – конь натурлівы – да шчасьця Ня вёз: быў час, як канакрад. * А раніцай туман над сопкай – Густая пара над катлом: Знаёма пахла бульбай сопкай, Сялом, пакінутым жытлом. Там на страсе пяе салома, Як чарацінка ў крыгаход. I песьня родная і слова Былі раднейшыя штогод. Вякі... Прыморскія размахі... Забыўся чорны хлеб, але, Як незабыўныя прысмакі, Гасьціла бульба на стале. I зазімкам, калі на тоні Ішло дасьвецьце ў туманах, Яна згрубелыя далоні Кабетам халадзіла ў снах. Хаціны, што ў лясных паветах Замёў каторы ліставей, – На шчодрай далані планэты Былі ад бульбінак драбней... * Ня хвалімся часінай тою, Калі яе – усім на страх – Палілі з прастатой сьвятою, Як ерэтычку, на кастрах. Ды ў прыску бульбу ўгледзеў продак, Калі карчы зглыдаў агонь, I, нібы ўзважваў самародак, З далоні кідаў на далонь. Яна – ня майце бульбу ўлегцы – З усімі стравамі на «ты». Гурок, каб зь ёю поплеч легчы, Дае нырца ў расол круты. I смагне селядзец у лёку, I ў лютай пары млее кроп. Яна сюды прыйшла здалёку – У баразьне па трыццаць коп... Дыміся бульбай, край маленства. Яе стварала спакваля Па вобразу і падабенству Свайму карміцелька-зямля. * Крычу на ўсё Прымор’е: – Бульба! Прымі паклон ад земляка. Расьці, з гарачых сьнежак гурба, Што маці сыпле з саганка. Ні дождж, ні град цябе ня песьціць, Надзейны хлеб маёй зямлі. Ня грэбвалі табой і песьняй – З сабою землякі ўзялі. А покуль недзе сьпіць залева, Тайфун вятры ў мяхах вязе, – Яны ўдваіх, Адам і Ева, Капаюць бульбу у тайзе...
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|