РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Бяроза зь лістам гаварыла...

#* * *
Веюць ласкай
Вятры заходнія.
На яблыні майскай
Шпак заходзіцца.
Сплылі, як крыўды,
Зялёныя крыгі.
Шпак з асалодаю
Сушыць крылы.
Вяз зацьвітае
Цьветам спалоханым.
Дом на ўсе дзьверы
Уздыхнуў з палёгкаю.
Сьцежка да кладак
Травой пазначана.
...Дзень добры,
                                  мама!
Паклон,
                  Вушаччына...

 

#* * *
Травы
Зялёныя правы
Здаўна
Ярыла гарантуе.
Шпак,
Быццам хлопец паравы,
Прастуе ў чысьціню густую.
Ільсьніцца сілай сакаўной
Зямлі абнова маладая.
I шпак паблісквае сьпіной,
Сабе сьняданак выбірае.
Прыціх
Зрунелы небакрай –
Трава з вадой загаварыла.
А мятлік,
Як анёл, што ў рай
Хацеў,
Ды не пускаюць крылы.
 
Празь небыцьцё,
Вякоў равы
Трава
Праб’ецца вастракрыла,
Бо мае ўладныя правы
Вогнебародага Ярылы.
 
Трава застанецца травой:
Чупрынай зашуміць густою
I над адчайнай галавой,
I над зьнямоглай нематою...

 

#* * *
Што смуцен,
                            родны бор?
Даўно цябе ня бачыў.
Ну, як твой смалазбор,
Падсочаны бядача?
 
А дзяцел хай дзяўбе,
Тут клопат невялікі –
Выслухвае цябе,
Як кажуць, для прылікі.
 
I захлынае дух
Маліньнікам гарачым.
Мы зноў з табою ўдвух.
Цяпер мы болей бачым.
 
Да сівізны змала
Згадаў свае шляхі я.
I сочыцца смала
У набіркі глухія.
 
Цецеруку-царку
Хай такавішча сьніцца.
А я згадаў царкву
Гэтую ашчадніцу.
 
Цяклі так медзякі,
Цяклі на адбудову.
Званы,
              нібы дзякі,
Пабомквалі часова.
 
Цякла смала,
Цякла
У набіркі нявінна.
Была царква,
Была, –
Засталіся руіны...
 
Ты нэрвы ўсе напні,
Як трэба перад сконам.
А потым
Будуць пні
Ахоўвацца законам!..
 
...Дакорам не крану,
Падзякай не зазначу,
Што дошак на труну
Для маці даў,
                            зямляча.
 
Згарбела баразна.
Навек засьмяглі губы.
Над ёй шуміць сасна –
Дачка твая, мой любы.
 
Ты зь лёсам не хітрун,
Вястун зеленачубы,
Паменей ведай трун,
Часьцей кладзіся ў зрубы!..

 

#* * *
Падае,
Падае лісьце...
Час – малады нігіліст.
I сам ападу калісьці,
Як перасьпелы ліст.
 
Адсякае далоні
Клянам
Лістабой.
А калі нам
З табой
Сустрэцца там,
Дзе сустрэч няма,
Дзе не выгукнеш нават:
– Ма...
Мама,
Ня скажаш
«Сынок»
Таксама.
 
...Бяз просу заходзіла
Восень у сені.
Я помню голас
Песьні асеньняй:
«Бяроза зь лістам
Усю восень гаварыла:
– А мой лісточак,
А мой зялёненькі,
 
Ты ж мяне пакідаеш...
– Нябось, бяроза,
Нябось, белая,
Я к табе вясной буду,
З табою шумець буду,
Цябе зеляніць буду...»
 
...Сёньня.
Было гэта ўсё
Калісьці...
...Падае лісьце...

 

#* * *
Сьпіць могільнік
У духаце.
Хто часты дождж разьленіць?
У нагах матулі зацьвіце
Разгублены ядленец.
 
Абначаваць на паплавах
Грамам за ціхай рэчкай.
I матылёк у галавах
Усхліпне
Кволай сьвечкай.
 
Касой зазвоніць сенакос,
Ад палыну прагорклай.
I жылкі сінія стракоз
Заб’юцца над пагоркам.
 
А восень дагарыць
Датла –
Чакай завейных чаіц.
Вачніца ўпалая дупла
Напоўніцца адчаем...

 

#* * *
Прамень,
Гасподу займай!
Дзень самапасам падрос.
Сонца на лета,
Зіма –
На мароз.
 
Зімовы сонцазварот
Сонцу дае правы.
За справу бярэцца
Год...
Закасвае рукавы.
 
Рупіцца
Юны год,
Год безь цябе другі.
Год
Маіх злых нягод,
Год
Спалынелай тугі.
 
Мама...
Пад сэрцам лядзень.
Мама...
Тугу не суроч.
 
Мне
Самы кароткі дзень.
Мне
Самая доўгая ноч...

 

#* * *
Шчодры голас твой
Чуў паўсюль я,
Баравін ушацкіх
Зязюля.
Што ж ты сёлета
Зычыш мала
У дзень нараджэньня мамы?
 
Невяліка
Тваё вялічча.
Ты гадоў
Нават тых ня зьлічыш,
Што забрала
Бяда-пабіруха,
Што адкрыла
Чорная скруха.
 
А гадоў тых
Было замнога
Не за морамі,
Не за барамі.
Не схацела дзяліцца са мною,
Мама
Гора з сабой забрала.
 
Мама звала цябе
Кукулка...
Мякка сьцелеш ты,
Спаць ёй мулка.
 
...Грабовы дошкі
Сьціснулі ножкі...
Сырая зямля
На сэрца лягла...

 
Сьляза гаручая
Пяску адчаю
Намые.
Песьня сірочая
Не адчыніць
Дзьверы нямыя:
Няма ў іх клямак.
I няма тых крамак,
Дзе прадаюць мамак...
 
Хатуль свайго смутку,
Болю
Забіраюць матулі
З сабою.
Нам яны пакідаюць
Сьвет белы,
Каб зязюлі гады
Нам
Лічылі.
 
Зямля наша пагарбела –
Магіл хатулі
За плячыма...

 

#* * *
У выдмах захмарных
Завея ведзьміцца.
Змрок выплывае,
Нібыта зь нябыту,
I поўніць коўш
Вялікай Мядзьведзіцы,
А коўш высока
Палярнай зоркай прыбіты.
Праз ноч усю доўга
Долу
Хіліцца
Коўш,
Каб выліцца
З вышыні
У мяккі кош
Досьвіткавай цішыні.
Змрок агортвае
Магілу тваю
I маю душу.
Таю
Крыўду агорклую, –
Ніяк яе не задушу!
Змроку адчаю майго
Балюча карэць.
Наканавана так на вяку.
 
...А ў нашай хаце карэц
Вісеў на драўляным суку.
Мы чэрпалі зь вядра нетаропка
Маладзічкоў ільдзінкі
Дзінькія
I зорак кроплі.
Ды болей карца няма ўжо,
I цьвік драўляны зламаўся.
У студні памяці
Вада ўспамінаў ледзіцца.
 
А коўш Вялікай Мядзьведзіцы
Вісіць трывала –
Палярная зорка
Трымае...

 

#* * *
Абнашчылася вясна
Дожджыкам мглістым,
Сьвістам.
Шчадрэе вясны казна
Гоманам зеленалістым.
Дзумкае хрушч-нелюдзім.
Гром справіў
Зялёныя ксьціны.
На ганку з мамай сядзім.
Зімовая ў мамы хусьціна.
 
На ганках
Драмалі суботы.
А наш
Пераступалі турботы.
На людскіх
Гавелі нядзелі,
На нашым –
Зрэдчас сядзелі.
Дзумкае хрушч-нелюдзім.
Трывожна з мамай сядзім.
 
Кажа,
Ня ўзьняўшы воч,
Здаецца,
Сябе ня чуе:
– А нехта ж
Першую ноч
На могільніку начуе...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.