РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Лазьня блакаднага года
Пасам маланкі лясьне,
Забурчыць раззлавана гром.
Няўжо гэта зноў у лазьню
Ісьці з пагбаным вядром?..
 
...Хоць аглушы цалёўкай,
Хоць розгай азадак ксьці,
Мужчынам,
Нам дужа нялоўка
З бабамі ў лазьню йсьці.
 
Абапал дзядоўнік і быльнік
Мараць аб уцекачах...
Змушае счарцелы прымыльнік
Разьдзявацца на злых вачах.
 
Восілка спуджана бразьне.
Ахопіць перапалох.
Хаваеш сваё падрабязьзе,
Пакуль не схавае палок...
 
Ня ведаючы благога,
Кідае сьмех пад шум,
Анэкдот сьмяецца з глухога:
Як варам лінулі –
Пачуў!..
 
Няма тут ні просьбы,
                                              ні грозьбы,
Ні пэдагогікі –
Чорт вазьмі!
Гаворыць канкрэтна розга.
I мыешся ўволю сьлязьмі.
 
А Мельнікава брыгада
У Глыбачцы акурат, –
Там бацька...
Ён даў бы рады,
Навёў бы адразу лад...
 
Пасьля вайны не зайздросьціў,
Хто з бацькам у лазьню ішоў:
Дуросьці поўныя косьці –
Венік, як жмук вужоў!
 
Як сам –
То дарослы нібыта,
Вяртаешся горда адзін.
Хоць шыя і вушы ня мытыя –
З мужчынамі
Ў лазьню хадзіў!..
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.