РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *

Памяці Сымона Блатуна

 
А можа, нешта пераблытана,
А можа, проста
Трызьніцца ў самоце?
 
Сымоне...
Рыфмую:
                    ісьціна і чысьціня.
А восень колерамі
Размаісьціна,
З рабіны лісьце
Позірк чыйсьці зьняў.
 
А жураўлі
Курлыкалі даверліва
У прысьмерку вачэй.
Вядро
Крыло асьверу перасьвервала.
Мячэўнік стыў.
Звон вечара вячэў.
 
Другія
Межы сьціпласьці лямешылі,
У арыфмэтыцы прыбыткаў
Петрылі.
Ты ў палітончыку,
Падбітым вершамі,
Па раўнавазе
Сумаваў з усьмешкаю.
 
Было,
Ня меў кашулі запасной, –
Ня знаўся
З арыфмэтыкай прынаднай.
Меў нумар тэлефона
Ў кніжцы запісной,
Самой
                вясёлаю Вясной
Запісаны памадай...
 
Ня дбалі
Аб надзённым хлебе
Твае радкі:
...Жураўля я не спаймаў у небе,
А сініцу выпусьціў з рукі...
Рыдлёўка далакопава ўпівалася
У змоўкласьць дзірвана.
Не з плугам баразна
Спазналася.
Спазьнялася
Вясна.
 
Гром – на траву.
Ды гром маўчаць стараўся:
Маланак сківіцы
У небе сьцяў.
Жыцьця твайго пачатак – травень,
Дзень зьнебыцьця,
 
Вясьне трывогаю травець.
Журбе
Вярбіцца ніца.
 
...Журыўся на Палесьсі
Журавель.
Сярпы зубіла
Сіняя сініца...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.