РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Рэкі маёй зямлі
Не ўцякаюць зь зямель, якія спакон
Яшчэ ручаінамі імі асвоены,
Дзе разгалінаваліся,
Непадуладныя ліху,
Не наравяць памяняць імён
I веры паганскай сваёй яны.
Застаюцца да апошняга ўздыху –
Да перасыху
Балтамі ці славянамі,
То рахманымі,
То раззлаванымі.
У вірах затаіўшы жаль,
Напамінаюць забыўлівым рэкі,
Што па іх ляжаў
Шлях «з вараг у грэкі».
Ім астабрыдлі
Бязь меры
Іхнія злыдні:
Заклятыя
Місіянэры –
Мэліяратары,
Што маюць падчас
Зьвіліну-думку –
I тую прамую – адну,
Таму, няйначай,
Схільны яны
Рэкі ўсе ўбачыць
Канавамі, выцягнутымі ў струну.
З прынцыпу простага,
Нібы да патопу яшчэ мелі рацыю
Апосталы
Мэліярацыі.
Ды свой характар
У каранёў узялі
Рэкі маёй зямлі.
Як іх ні спрамляюць,
Упарта – паганцы –
Пятляюць,
Кружляюць
I выгінаюцца!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.