 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
I Сюды са спазьненьнем прыходзяць Аўтобусы і анэкдоты, Тут рады выпіць любой нагодзе, Чый ты і хто ты, Тут пра цябе дакладна вядома: Ты дома... Задумайся ў скрусе I памаўчы ў тужбе. Ты ўгору цягнуўся, А дрэвы перарасьлі цябе. Ты імкнуўся далёка, Было дарог табе мала, – А сьцежка, якую вартуе блёкат, Цябе перагнала. Ты розум свой гартаваў На допытным агні Пад скляпеньнямі, Столямі, Пад застрэшшамі, А роднае неба – зірні! – Мудрэйшае. Падаваўся ты ў шлях даўгі Малады. Як тыя стагі, з тугі Пасівелі твае гады. Адно яшчэ журба маладая Ахвотна з табой выглядае Свае маладыя сьляды...
II Мамы няма – шчырасьці не стае, Мамы няма – дні мае безь яе Суровыя, як астрогі. Я мяняю дарогі I цягнікі. А раптам дарога нейкая, Цягнік які Некалі высьненымі дымамі Усё ж прывядуць да мамы... А шумеў мне спагады лес, Ды Яго скарчавалі гадоў ратаі. Раней я любіў ад'езды, Зараз люблю – вяртаньні. Варушыцца недзе надзеі карэньне Мама сустрэне...
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|