РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Франьцішак Багушэвіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дурны мужык, як варона
Весь сьвет кажыць, б’ець у звона:
«Дурны мужык, як варона!»
Гэта тыкі справядліва:
Ён дурнейшы ад вароны,
I ня дзіва – было б дзіва,
Каб мужык ды быў вучоны.
        Дык крычыце ж, біце ў звона:
        Дурны мужык, як варона!
Да навукі ён ня браўся,
Закасіўся, заараўся;
Дурнем умрэ, як радзіўся,
Сам сабой дурным зрабіўся.
Ведама, мужык – хамула –
Ад навукі адвярнула!
        Дык крычыце ж, біце ў звона:
        Дурны мужык, як варона!
Ці ж ня дурань мужык гэта:
Гарэ, сее усё лета,
А як прыйдуцца дажынкі,
Няма збожжа ні асьмінкі,
А даждаўшы на Каляды,
Мужыкі мякінцы рады.
        Дык крычыце ж, біце ў звона:
        Дурны мужык, як варона!
Усю зіму возам цягне
Да вакзалу ружнэ збожжа,
Ногі зьмерзнуць, сам засьмягне,
А на хлеб кажух заложа,
Каб дажыць як да крапівы,
Абы ў поле выйшаў жывы.
        Дык крычыце ж, біце ў звона:
        Дурны мужык, як варона!
Ад Пятра і да Якуба*#Ад Пятра да Якуба#З 29 чэрвеня да 25 ліпеня (н. ст.).
Ён касой махаў ад раньня:
Наклаў стагоў, людзям – люба,
Ў хаце ж сена – анізваньня;
Равець з голаду скаціна,
Хоць кінь, бяжы за вачыма!
        Дык крычыце ж, біце ў звона:
        Дурны мужык, як варона!
Глядзі, касьцёл аж да неба,
Воласьць бляхамі пакрыта!
Срэбрам скрые, калі трэба,
Бо за гэта яго біта,
А сам жывець ў мокрай яме,
Дзьверы заткнуў анучамі!
        Дык крычыце ж, біце ў звона:
        Дурны мужык, як варона!
З камаровы нос сякерку
Сьцісне, крэкне, замахае –
Зробле пушчу, як талерку,
Сьвет дрывамі закідае!
А у хаце – зварыць страву,
Пашчапае стару лаву!
        Дык крычыце ж, біце ў звона:
        Дурны мужык, як варона!
Глядзі! горы паразрыты,
А чугункай сьвет абвіты:
Ўсё з мужыцкай цяжкай працы,
Усе едуць у палады;
Ў мужыка ж няма білета!
Ці ж ня дурань мужык гэта?
        Дык крычыце ж, біце ў звона:
        Дурны мужык, як варона!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.