РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Франьцішак Багушэвіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Праўда
450
Ой, цяжка ж, цяжка,
Не сярмяжка цяжка,
Але з гэтай доляй,
А ўсё штораз болей!

 
Ох, цяжкая ж доля! От так бы, здаецца,
Скрозь зямлю прапаў бы б ці ў сьлёзы б разьліўся!
Ці мне жыць на сьвеце, ці мне куды дзецца?
Ой, Божа ж мой, Божа, нашто ж я радзіўся?!
Ой, нашто ж мне дана тая мая мова,
Як я не умею сказаць тое слова,
Каб яго пачулі, каб яго пазналі,
Каб яго, то слова, ды праўдай назвалі;
Каб і разышлося то слова па сьвеце,
Як праменьні слоньца цёплага у леце;
Каб на тое слова ды людцы зрадзелі
Так, як тыя дзеткі на сьвятой нядзелі;
Каб жа тое слова ды людцоў зьяднала,
Каб на тое слова варагоў ня стала;
Каб людцы прызналі братоў ды братамі –
Дзяліліся б доляй і хлеба шматамі.
А без таго слова я – нямы калека!
Хоць бы занямець мне і да канца века!
Ой, нашто ж мне вочкі, ой, нашто ж мне ясны?
Каб глядзеў, які я ад усіх няшчасны?
Каб душа балела, гледзячы на долю,
Каб сэрца шчымела і рвалася з болю?
Каб было чым плакаць і удзень і ўночы?!
Ой, Божа ж мой, Божа, вазьмі ж мае вочы!
Нашто ж тыя вушы, як ня чуць нічога
Ні ад людцоў добрых, ні зь неба ад Бога?
Ой, ці не на тое ж, каб чуць людзку лайку
Ды тую плачонцу дудку-самаграйку,
Нашую жалейку, што енча, ня йграе, –
Хоць як выйгравай ты, а яна смутная?
Ой, ці не на гэта ж, каб чуць, як зьвякаюць
Ланцугі на людцах, што з хат уцякаюць.
Ня зьдзекуйся ж, Божа, нада мной, над імі:
Парабі усіх нас, як камень, глухімі!
Вазьмі усе змыслы, покі прыйдзе Праўда,
Бо жыць безь яе нам не вяліка наўда!
Прасі ў Бога ласкі: «Адвярні Ты, Божа,
Злую нашу долю на сухія пушчы,
Адвярні на камень ці на бездарожжа,
На вялікі ройсты, на пяскі сыпушчы,
Ды каб не зазнала ніяке стварэньне
Гэтай долі нашай да веку сканчэньня!»
Не пачуў ён енку, не увідзеў мукі,
Крыж уеўся ў плечы, ланцугі у рукі!
Прасіў я суседзяў са мной падзяліцца,
Памагчы крыж несьці, як «з Богам ня біцца»
Абсьмяялі людзі мяне, як дурнога,
Да Цябе паслалі, да самога Бога,
Там, казалі, праўда, тут тыкеле сіла!
Даўней, кажуць, праўда па сьвеце хадзіла,
Жабруючы ж, зьмёрла, а людцы схавалі,
Каменем накрылі, зямлю пааралі,
Каб ня чуць, ня ведаць аб ей ані весьці,
Ды цяпер і кажуць: «Праўда ў небе гдзесьці!»
Да пашлі ж Ты, Божа, Праўду сваю тую
Зь неба на зямельку, сьлязьмі залітую!
Пасылаў Ты Сына, Яго не пазналі,
Мучылі за праўду, сілай паканалі;
Пашлі ж цяпер Духа, да пашлі бязь цела,
Каб уся зямелька адну праўду мела!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.