РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Быў амаль зь іголачкі апрануты
I лічыў карміцелькай іголку,
Што з маёю мамаю стараннаю
Разам прачыналася на золку.
 
Бліскавіцай злоўленаю,
Блізкаю
Пры сьвятле газоўкі курадымнай,
З ноччу дзень сшываючы,
Паблісквала,
Завіналася безь перадыху.
 
Дзеля жытняга кавалка ласага
Мама шыла ўсё ўсяму пасёлку,
Па крамніне ды па зрэб'і
Пасьвіла
На суровай прывязі іголку.
 
Са старога новае вымоджвала,
Толькі долю ніцаваць ня ўмела.
Кужаль злыбяды ў сьлязе вымочвала,
Перастрочвала жыцьцё набела.
 
Караціла,
Сточвала,
Выстрэнчвала,
Падганяла ўсё ды прымярала.
Радасьцю чаканаю ня стрэчаная,
Сум з тугой па-ўдоўі прымірала.
 
З кончыка іголкі быў я ўскормлены,
Як з канца кап'я,
Часінай золкай.
Адрастаў са спаленага кораня,
Перакшчоны мамінай іголкай...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.