РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Цётча
Лясы прымоўклі хутарамі –
Ня ўсе іх
За вайну зьвялі.
У цьвеце сосны
Алтарамі
Гараць на зраненай зямлі.
 
Дарогі выбітай узбочча,
Дзе каўняром
Скарэла гразь,
Вядзе памалу ў вёску Цётча
Сталярыць нешта
Дзед Барнась.
 
Даўно за восемдзесят дзеду,
Вайна забрала
Двух сыноў.
А ўсё ж травець
Нязвыкла сьледу
Да перавернутых чаўноў,
 
Дзе ходзіць босьсю
Барнасіха
Дасюль,
Ледзь толькі сыдзе сьнег.
I хпіцца ліху,
Покуль ціха.
Аддыхаўся
Штодзённы сьпех.
 
I нейчы дах
За іх хацінай
Ляжыць,
Нібы той конь стары
Зь пераламанаю хрыбцінай,
Што ўпаў,
Не зьвёзшы воз з гары.
 
Жывёлка ёсьць
Апроч ката ў іх.
I кажа,
Стоячы ў ральлі,
Пра іх суседка,
Як пра даўніх
Людзей:
– Жывушчыя былі...
 
Двары суседскія
Трывала
Затуленыя ад вятроў.
Спагадных слоў
Ім трэба мала,
Як мала
Пад паветкай дроў.
 
I вечарамі
Алтарамі
Гараць сузор'і,
Нібы ўся
Зямля малітву паўтарае
За Барнасіху,
Барнася...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.