РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Франьцішак Багушэвіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Немец
Не люблю я места (па-расейску – горад).
Надта там цяснота і вялікі сморад.
А паноў як маку ды серад гароду,
Апроч таго, пропасьць рознага народу!
Наш брат як увойдзе, – сам сябе баіцца:
Ці ісьці бяз шапкі, ці гдзе пакланіцца?
Дык надта ж і стыдна, каб не памыліцца:
Пакланіцца немцу ці якому жыду!
Няхай яго сточа – набярэсься стыду;
Няхай лепей з дому я той дзень ня выйду.
А пазнаць жа трудна як жыда, як немца,
Як пана якога ці там чужаземца.
А што жыд да немец – дзеці аднэй маткі:
I мова падобна, і адны ухваткі.
I абодва ласы на чужую працу,
I, мусіць, абодва ядуць з кроўю мацу!
Абодва абдураць, абдзяруць як ліпку,
Адбяруць і сошку за бітую скрыпку.
Пан наш нябожчык (няхай яму сьвеця),
Як умёр, ці чварта вёсна то, ці трэця.
Як яго скруцілі, чыста абадралі,
Глядзіць – будзе кепска, што тут рабіць далей?
Ўсё пусьціў арэндай; найперш пусьціў жыда,
У млыне сеў немец – якаясьць абрыда,
Граўшы па дарогах, прыйшоў з-за граніцы,
Прынёс толькі торбу і ў ёй дзьве скрыпіцы.
Двор купіў хтось рускі так як за дурніцу,
Пан зышоў далёка кудысь за граніцу!
Жыд зараз убіўся у рускага ў ласку:
Штодзень ходзе ў лесе ад самага браску...
От ходзіць ён гэта да ўсё дубы ліча,
Як трэба, і грошы рускаму пазыча.
А як аблічыўся ды дубы абмераў, –
Увосені выгнаў з тысячу сякераў, –
Счысьціў пушчу чыста, за пасекі ўзяўся,
Як кабан, разьеўся ды, як пан, зазнаўся,
Гавора па-руску і з рускім гуляе,
Разам ляжа, ўстане і ўсім упраўляе!
Рускі сабе езьдзе, ня ўдому ніколі,
Немец усё меле ды ходзе па полі.
Наеўшыся мяса, півам запівае,
У сьвята ж на скрыпцы, аж пішчыць, іграе.
Здаецца б, нічога? калі хто ня ведае,
Але пачакаўшы, дык выйшла камэдыя.
Жыд купіў у месьце сабе камяніцу,
Глядзім – і наш рускі кінуўсь за граніцу:
Пакінуў і жонку, адрокся і дзеці;
Зьявіўся пан новы (гэта ужо трэці)...
А які б то пан той?.. Ну, ці хто павера?..
Гэты ж самы немец! каб яго халера!
От цяпер згадай ты – хто кім калі стане?
Аб пану ні весьці, ні слыху, нізваньня,
Жыд панам зрабіўся, немец яшчэ большы,
А мужык быў голы, цяпер яшчэ гольшы!
Так і на гародзе: лебяда, крапіва, –
Толькі вырві рэпу, – дык зарастуць жыва,
Так як чорт насее! Ото ж так і людзе:
Тутэйшы загіне, дык вораг прыбудзе!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.