РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Тодар Кляшторны
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ліст у Сібір
Засыпан Менск халоднымі сьнягамі,
Пад палазамі гойсае зіма...
Астрыжан клён асеньнімі сярпамі –
Лістоў няма...
А помніш ростань,
Помніш, дарагая,
Як дагарала восеньская медзь,
Так і душа ў шуканьнях дагарае,
Каб не гарэць...
Тады плылі,
Плылі на поўдзень гусі,
Будзіў лясы
Асеньні сьвіст і гул...
А ты мяняла поле Беларусі
На дальнюю тайгу...
Цяпер зіма скрыпіць пад палазамі,
Заледзянела дарагая шыр...
I часта, часта
Думаю начамі
Я пра Сібір.
За тэю хмураю,
Таемнаю тайгою,
Шукае золата
I немец і тунгуз...
Здружыўся з лыжамі
I цёплаю дахою
Там беларус.
Хачу да сьлёз расквечанай вясною
Паезьдзіць там
I ўздоўж і папярок,
Дзе між сібірскіх зёлак галавою
Ківае васілёк.
Цяпер сьнягі...
Вячэрняю зарою
З пунсовай шклянкі белая зіма
Частуе Менск наліўкай ледзяною...
...Цябе ж няма...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.