РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Тодар Кляшторны
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ці варта сёньня быць паэтам?
Я усхвалёваны чагосьці,
Чамусьці сэрца гэтак ные!
Ці па далёкай маладосьці?
Ці над памылкамі сваімі?
Жыцьцё вакол цябе зь імпэтам,
Жыцьцё ня можа плыць іначай.
Ці варта сёньня быць паэтам?
Ці варта лірыкай займацца?
Я штодзень думаю аб гэтым.
Ці не страшэнная памылка –
У час вялікі будаўніцтва,
На ліры лірніку пілікаць,
I зь леры гэнае карміцца?
Чым апяваць пад плотам мяту,
Чым апяваць платы гнілыя,
Ці не карысьней ля варштату
Аддаць душу сваю краіне?
Часамі сьмеласьці бракуе
Прыйсьці да нейкіх пэўных рэчаў –
Душа за песьню галасуе,
Развага гэтаму пярэчыць,
А дзе ж тут праўда, дзе памылка?
Ну, памажэце ж разабрацца!
Ці варта лірніку пілікаць?
Ці варта лірыкай займацца?
Я доўга думаю аб гэтым
I сам да вынікаў прыходжу,
Што сьвет ня створан без паэтаў,
Як і ня створан без прыгоды.
А песьні трэба нам другія,
Ад нас інакшых песен просяць...
Мае гітары ледзяныя
Вартуе бусел у балоце.
Да іх я болей не вярнуся:
Ня можа сын свае эпохі
Пад небам вольнай Беларусі
Ісьці у далі сьцежкай вохкай,
Калі ад кожнага упарта
Эпоха сёньня патрабуе:
Не пакідаць грамадскай варты,
Не пакідаць свае трыбуны.
Дык ад паэта наша эра
У сто раз болей вымагае,
Ён мусіць сонечнаю лерай
Узварухнуць ляжачы камень.
Ён мусіць песьню даць такую,
Каб лес і горы захадзілі,
Узварушыць зямную кулю
Ад нашых ніў да Аргэнціны.
Жыцьцё – ня цені на экране...
Ну, як прыйсьці да пэўных рэчаў?
Мне зноўку новае пытаньне
Страшэннай згадкаю пярэчыць:
Старой культуры творчы гэній
Ці можа вабіць і палохаць?
Ці творца творчаму гарэньню
Павінен даць і стыль эпохі?
Ці можна з творчым перайманьнем
З музэйных скарбаў Афрадыты,
Як цень далёкага выгнаньня
I даўні творца адрадзіцца?
Я доўга думаю аб гэтым...
Каб даўнім думку не палохаць,
Кажу: – сягоняшні паэта
Павінен даць і стыль эпохі.
Тады ён песьню дасьць такую,
Каб лес і горы захадзілі...
Узварухне зямную кулю
Ад нашых ніў да Аргэнціны.
 
Менск. 9 красавіка 1929 г.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.