РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Тодар Кляшторны
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Я не артысты
...Я ж не артысты... Я паэт...
Ды я й ня браў такое ролі...
На вочы дымныя твае
Не прамяняю рытму волі.
 
З тваіх вачэй глядзіцца боль
I кволасьць восеньскае далі...
Яны укралі мой спакой,
Душу і сэрца абакралі.
 
А можа сам, а можа сам
Не зачыніў акна сьвятліцы...
...У кожнай шчыліне аса...
Душа ня ўмела бараніцца...
 
Хоць не бяда... Заўсёды тлум
Мінае, чэзьне і праходзіць...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Зачым ты молішся Хрысту,
Зачым кранаеш пыл стагоддзяў?
 
Там толькі холад, толькі дым,
Ды попел скрышаных скрыжаляў...
Зачым кранаць магільны грым
У тым архіве пахавальным?!
 
Я адчыню табе душу,
У ёй ты знойдзеш фарбы веку,
Азёрны шум, жыцьцёвы шум,
Любоў і праўду чалавека.
 
Ты з рук маіх ад поўных чар,
Дзе многа праўды, сонца многа,
Адпі хоць мудрасьці жыцьця,
А пакахай сабе другога.
 
Заўсёды мусіць быць у нас
Запал пагоджаны з развагай...
Людская роўнасьць – ёсьць паказ
Бязьсільля, нізкасьці, зьнявагі.
 
Раўнуюць там, дзе любяць «я»,
I там, дзе людскасьці бракуе...
Да здані, прозьвішча, імя
Я не раўную, не раўную...
 
А вось да холаду крыжоў,
Да пустаты глыбінь надхмарных
Я раўнаваць цябе гатоў,
Як Дэман колісьці Тамару...
 
Ты часта ходзіш да імшы,
А я, стрымаўшы боль рыданьня,
Гляджу на труп твае душы
У тым архіве пахавальным.
 
I здэцца, там, дзе пустата
Вартуе воцат і бальзамы,
Трымціць труна твайго Хрыста
З плябейскім болем і сьлязамі.
 
Пусьці на лес магільны сум –
Тужыць і плакаць сёньня годзе!..
I не маліся ты Хрысту,
Навошта кратаць пыл стагоддзяў?
 
Я адчыню табе душу,
У ёй ты знойдзеш рытмы веку,
Там служыць творчую імшу
Любоў і праўда чалавека.
 
Ты з рук маіх ад поўных чар,
Дзе многа праўды, сонца многа,
Адпі хоць мудрасьці жыцьця,
А пакахай сабе другога.
 
3.VIII.1929 г.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.