РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Тодар Кляшторны
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Што нагадаў мне гэты вобраз
Вы – тайна жнівеньскіх начэй,
Вы – шэпты сьпелага калосься.
З глыбокай мудрасьці вачэй
Сьвіціцца даль, вясна і восень.
 
Хто вам прыгоства сьвету даў,
Хто палажыў у сэрца камень?
Сам Бог, каб толькі існаваў,
Ён бы маліўся перад вамі.
 
Ён бы пакінуў зорны дым
За хмель вачэй, за холад слова –
Агню аддаў бы тройчы Рым,
А нам паслаў бы Мураўёва.
 
Ён частаваў бы сьвет вайной,
А сам бы кленчыў перад вамі...
Бо жорсткі жорсткасьцю тупой
Сваё заліствае каханьне.
 
А я – ня выдумка вякоў,
Ня сымбаль зла і дагараньня...
Мая душа не за замком
I не за кратамі каханьне.
 
Душы ня засьціць чорны дым
I вашых слоў асеньні холад.
Я волен так, як бег вады,
I як вясна, душою молад.
 
Жыву, каб жыць і будаваць,
Паклаўшы шчырасьць у аснову,
Дамераць постаць да канца
Ды перадаць яе другому.
 
Хай новай творчасьці сэанс
Хтось прывітае новым сьпевам...
А вас,
Мне нават шкода вас
За вашу кволую няпэўнасьць.
 
Бо вы пад маскаю журбы
Згубілі лепшыя хвіліны...
У слаўны момант барацьбы
Вы – толькі слаўная жанчына.
 
У вас няма сваіх дарог,
Няма у вас і моцнай зброі,
Вам кожны новы вецярок
Прыносіць новыя настроі.
 
Вы не адчулі той настрой,
Якім жыве зямная куля...
Вы ўся – няскончаны набой,
Якому пораху бракуе.
 
Вы так далёкі ад зямлі...
Для вас адно, якой дарагой
Дашлюць вам заўтра дынаміт,
Хоць бы і зь лягеру чужога.
 
Вы ўся, як дзікія палі,
Як холад восенскае далі...
Вы нагадалі успамін,
Вы дальні вобраз нагадалі.
 
Здаецца, вашае сястры
Нашу ў душы халодны вобраз,
Нібы прыдушаны узрыд,
Ці скрып падпіленай бярозы.
 
Яна сьвяжэй і маладзей
Ад вас калісьці выглядала...
Я не забуду гэты дзень
I тую чорную навалу.
 
Я атрымаў тады загад –
Быць нарыхтованым да бою...
На пагатове быў атрад,
I зброя ўся напагатове.
 
Схаваўшы свой сакрэтны плян,
Я надаваў парадак ранцу...
У гэты час яна прыйшла
Са мной нібыта разьвітацца.
 
Так бушавала моцна кроў...
Плыла хвіліна за хвілінай.
Губляў я волю і настрой
Перад чароўнаю дзяўчынай.
 
Я сам параіў ёй ня йсьці,
Не разумеў тады цаны ёй...
Вайсковым сэкратам плаціў
За кожны новы пацалунак.
 
Я быў як хлопчык перад ёй,
Я цалаваў ёй рукі, мабыць?
Глядзела з мораку зьмяёй
Вачэй заклятая прывабнасьць.
 
I толькі раньняя зара
Сказала мне на ўсходзе сонца,
Што мне давераны атрад
Я выдаў дзеўчыне-шпіёнцы.
 
Яна ляжала ля мяне,
Памяўшы лёгкія уборы,
Паміж смуглявасьці брывей
Яшчэ гуляў апошні морак.
 
О, што за нізкасьць?!.
I каршун
Так не рабіў яшчэ ні разу!
Навошта абкрадаць душу,
Давёўшы сэрца да экстазу?
 
За гэту чорную ману
Ня купіш чын сабе дваранкі,
Каму, нікчэмная,
Каму
Ты прадаеш ідэю кляса?
 
Няўжо, заклятая,
Няўжо
На грошы шчырасьць прамяняла
I брытвы вострае лязо
Яе на сьмерць пацалавала.
 
Пасьля мы выступілі ў бой
Супроць нікчэмнага, старога,
Сваёй адвагай і крывёй
Куплялі нашу перамогу.
 
Ня шкода ў бойцы галавы,
Мы горда, чэсна ваявалі.
Мы і палонных – радавых
На фронце нават шанавалі.
 
А вы ня маеце дарог,
У вас няма і моцнай зброі...
Вам кожны новы вецярок
Прыносіць новыя настроі.
 
Вы не адчулі той настрой,
Якім жыве зямная куля...
Вы ўся – няскопчаны набой,
Якому пораху бракуе.
 
Бо вы пад маскаю журбы
Згубілі лепшыя хвіліны...
У слаўны момант барацьбы
Вы – толькі слаўная жанчына.
 
Менск, 26.XII.1929 г.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.