РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Вальжына Морт
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Польскія імігранты
Як яны адрываліся ад зямлі,
Дзе нават камні пускаюць карані?
 
Як дзьве мовы дзеляць адзін рот,
Як дзьве жанчыны на адной кухні?
 
Як яны пранесьлі празь мяжу свае акрываўленыя целы,
Абмотаныя акардыёнамі замест бінту,
Праз таможню?
 
Ці нагадваюць ім новыя гатэлі
Скрынкі з-пад чакаляду?
 
Ці праўда,
Што іхнія падушкі набітыя зямлёю
Мякчэй за любое пер’е?
 
Іх твары адрозьніваюцца ад твараў мясцовых
Колькасьцю зморшчынаў,
Быццам яны пачалі
Вылепліваць са сваёй скуры нешта іншае,
Але спыніліся, перадумаўшы,
Гэтак й ня скончыўшы свайго пераўтварэньня.
 
А зморшчынкі ў кутках іхніх вачэй,
Перакручаныя і бліскучыя ад поту
Нібы абгорткі ад карамелі.
 
Але глядзіш у гэтыя вочы
Як у дула стрэльбы –
Па што ты прыйшоў
На тэрыторыю іхняга гораду,
Намаляванага на сьцяне рэстарану
“Смак Эўропы”...
 
І там ад гэтага смаку
Аж сьліна цячэ з вачэй.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.